Изображение пользователя Andrew  Yarotski
Канцэрт "Праменад ў парку мрояў".
от Andrew Yarotski - Понедельник 21 Май 2012, 15:00
 

У чацьвер, 24-га траўня, у Малой залі Філармоніі адбудзецца надзвычайна цікавы і прыгожы канцэрт лепшага гурта класічнай музыкі ў нашай (і ня толькі) краіне - Класіка-Авангарда пад кіраўніцтвам незраўнанага Уладзіміра Байдава.

Канцэрт граецца ў міжнародны дзень паркаў і называецца "Праменад ў парку мрояў". Гэта будзе музычная вандроўка па беларускіх старасьвецкіх сядзібах і гарадзкіх парках 18-19 стагоддзяў. Музыка - уся наша, таксама 18-19 стагоддзяў, пераважна рамантычная, сьветлая і вельмі прыгожая - але, на жаль, намі забытая. Большасьць кампазітараў будуць для слухача прыемнымі адкрыцьцямі.

Так як нашыя паркі закладаліся пераважна на італьянскі і ангельскі ўзоры, у канцэрце будзе гучаць італьянская і ангельская паэзія, якая магла чытацца у салонах тога часу. Вершы Дантэ, Петраркі, Шэкспіра, Шэлі, Байрана, Бёрнса загучаць па-беларуску, а таксама кавалак з Міцкевіча, які натхніў аднога музыку на стварэньне цудоўнага паланэзу, а таксама вершы Кітса і Байрана, прысьвечаныя Касьцюшку - гаспадару адной з сядзіб музычнага падарожжа. А малады кітайскі барытон Чжан Юань засьпявае "Серэнаду" Казлоўскага па-беларуску.
Рамантычная і адукаваная Сьвятлена Немагай будзе распавядаць пра сядзібы, іх гаспадароў і гасьцей.

А зьверху ўсяго - там будзе баль! Ажно два тнцавальныя гурты старадаўняга танцу возьмуць удзел у канцэрце і пакажуць паланэз, вальс, польку і контрданс.

Адным словам, хацеў бы лепш, дык няма куды. Канцэрт будзе элегантны, лёгкі, прыгожы і адначасова адукацыйны і інфармацыйны. І вельмі-вельмі беларускі.

Не прапусьціце! Квіткі ў касах Філармоніі да 35000. Афішы з рэкламаю на ТУТ.ВУ:

http://afisha.tut.by/concert.php?cid=7794

Запрашаю ўсіх.

Ірына Дубянецкая