Бабкоў І. Гісторыя беларускай думкі (2012-13)
(Гісторыя беларускай думкі)

Бабкоў Ігар - Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, філосаф, літаратар, гісторык ідэяў

Гісторыя беларускай думкі – гэта перш за ўсё важныя тэксты, якія засталіся ў беларускай традыцыі, і якія ўласна і складаюць гэтую самую традыцыю.

Гэта гісторыка-культурныя эпохі, кожная са сваёй непаўторнай канфігурацыяй ідэяў, адметным тыпам мыслення, тым, што Мішэль Фуко назваў эпістэмай, альбо інтэлектуальнай фармацыяй.

Гэта таксама кантэксты, жывыя людзі, якія спрабавалі мысліць у прапанаваных абставінах, ставіць істотныя пытанні, і шукаць свае варыянты адказаў.

І нарэшце самі ідэі.

Усё гэта складаецца ў адметную традыцыю мыслення, транскультурную па сваёй сутнасці, якая ў розныя гістарычныя эпохі была арыентаваная на розныя цывілізацыйныя кантэксты, тэксты якой адпаведна паўставалі на розных мовах і ўваходзілі як складовыя часткі ў больш шырокія транс-культурныя (рэгіянальныя) супольнасці.

Задачы курса:

  • Выявіць сацыяльныя і культурныя перадумовы фармавання беларускай інтэлектуальнай традыцыі, яе ўзаемасувязь з заходнееўрапейскай і сусветнай традыцыяй.
  • Прааналізаваць асноўныя этапы і змест інтэлектуальнай традыцыі Беларусі ў іх паслядоўнасці, узаемадзеянні і узаемаўплывах.
  • Прадставіць найбольш істотныя тэксты, у які выяўляецца інтэлектуальная традыцыя Беларусі.
  • Выявіць ступень актуальнасці інтэлектуальнай спадчыны Беларусі ў кантэксце сучаснай культуры