Ластоўскі А. Па-за гісторыяй: сучасныя междысцыплінарныя падыходы ў вывучэнні мінулага (2012-13)
(Сучасныя падыходы ў вывучэнні мінулага)

Ластоўскі Аляксей - кандыдат сацыялагічных навук, сацыёлаг

Доўгі час, паўтара тысячагоддзі, гісторыкі змагаліся за дасягненне манаполіі на працу з мінулым. Гэта патрабавала як адстойвання аўтаноміі поля і адмежавання ад іншых падазроных формаў асэнсавання мінулага (як то пісьменства ці філасофія), так і выпрацоўкі ўласных нормаў і правілаў працы, якія закладвалі падмурак прафесійнай кампетэнцыі гісторыка. XIX стагоддзе стала трыумфальным часам для пазітывісцкай гістарыяграфіі, калі вялікія і манументальныя аповеды мінулага былі ўбудаваныя ў фундамент новапаўсталых нацыянальных дзяржаў, што неймаверна падвысіла значнасць і прэстыж прафесійнай працы з мінулым. Але ў мінулым стагоддзі паспяховы шлюб гістарыяграфіі і дзяржавы пачаў разбурацца.

Герменеўтычныя віхуры і постмадэрнісцкія наступы паставілі пад сумнеў усе ранейшыя напрацоўкі і запатрабавалі рэвізіі метадалогіі. Іншыя гуманітарныя і сацыяльныя дысцыпліны пачалі актыўна захопліваць тэрыторыю мінулага, і пераўтвараць у аб’ект свайго даследвання гістарыяграфію праз пашырэнне катэгорый памяці і ідэнтычнасці. Праблематызацыя гісторыі як навукі і гісторыі як мінулага істотная і для айчыннага кантэксту, дзе тэарэтычныя і метадалагічныя інавацыі пакуль знаходзяцца ў статусе партызанскіх дыверсій. Таму галоўнай задачай прапанаванага курсу будзе знаёмства з сучаснымі тэарэтычнымі падыходамі да мінулага і прапрацоўка іх у беларускай сітуацыі.