ШКОЛА ГІСТОРЫІ ІДЭЯЎ
(ШКОЛА ГІСТОРЫІ ІДЭЯЎ)

ШКОЛА ГІСТОРЫІ ІДЭЯЎ

gi-2059-8376-big_0.jpg

Кіраўнік: Ігар Бабкоў.

Гісторыя ідэяў – новая для беларускага інтэлектуальнага кантэксту дысцыпліна, што паўстае на памежжы гісторыі філасофскай думкі ды інтэлектуальнай і культурнай гісторыі.

У адрозненне ад класічнай гісторыі думкі (у аснове якой заўсёды ляжыць гісторыка-філасофскі канон, бо для заходняй традыцыі мысленне адбываецца перадусім у прасторы філасофіі), гісторыя ідэяў даследуе не толькі “вышыні” і “дасягненні” думкі, але і звычайныя, штодзённыя структуры мыслення эпохі, тыя ідэі, канцэпты, эмоцыі, якія якраз дзякуючы сваёй ардынарнасці не патрапляюць у поле аналіза і рэфлексіі філасофіі.

У гэтым сэнсе “паварот” ад гісторыі філасофіі да гісторыі ідэяў тыпалагічна падобны да павароту ад культуралогіі і філасофіі культуры да культурнай антрапалогіі і культурных даследаванняў - павароту, пры якім культура пачынае разумецца як “штодзённае” і звычайнае, тое, што абумоўлівае і апасродкуе ўсе чалавечыя практыкі, а не толькі спецыфічна культурную альбо інтэлектуальную актыўнасць. Гэтаксама і думка, мысленне для гісторыі ідэяў не зводзіцца і не абмяжоўваецца дысцыплінарнымі, прафесійнымі практыкамі, а з’яўляецца антрапалагічнай дадзенасцю чалавека, якая трансфармуецца, змяняецца ў часе і прасторы.

Гісторыя думкі вымушана становіцца і генеалогіяй, і гісторыяй сучаснасці, і кампаратыўнай філасофіяй, і нават палітыкай памяці.

Структурна праца школы будзе ўключаць:

  • Спецыялізаваныя заняткі: курсы, семінары, дыскусіі
  • Клубныя сустрэчы
  • Індывідуальную/групавую працу

Да гэтай структуры будуць далучаныя фарматы, якія існуюць незалежна ад працы школы: агульныя ўніверсітэцкія курсы, семінары і г.д.

У працы Школы бяруць удзел: Ігар Бабкоў, Сяргей Санько, Міхась Баярын, Іван Новік ды інш.

У адукацыйны  працэс у школе будуць уключаны заняткі з ўдзелам мысляроў з калегіюма Лятучага ўніверсітэта – Уладзіміра Мацкевіча, Тацяны Вадалажскай, Міхала Анемпадыстава, Генадзя Сагановіча, Валянціна Акудовіча і інш.