• Лятучы універсітэт у партнёрстве з таварыствам "Зялёная сетка" і альманахам «Гарадскія тактыкі» запрашае на адукацыйную праграму «Горад: асяродак, супольнасць, вобраз дзеяння».

    Школа накіравана на распрацоўку і прасоўванне сучасных падыходаў для развіцця беларускіх гарадоў. Праграма школы будзе будавацца на ўзаемасувязі некалькіх кірункаў мыслення і практыкі: урбаністыка, устойлівае развіццё, экалогія і сістэмны падыход у даследаванні і развіцці гарадоў.

    Вынікі працы школы –вынікі даследчай практыкі, артыкулы, матэрыялы лекцый – стануць падставай для публікацый.

  • ШКОЛА социально-философской аналитики

  • ШКОЛА ГІСТОРЫІ ІДЭЯЎ

    Кіраўнік: Ігар Бабкоў.

    Гісторыя ідэяў – новая для беларускага інтэлектуальнага кантэксту дысцыпліна, што паўстае на памежжы гісторыі філасофскай думкі ды інтэлектуальнай і культурнай гісторыі.

    У адрозненне ад класічнай гісторыі думкі (у аснове якой заўсёды ляжыць гісторыка-філасофскі канон, бо для заходняй традыцыі мысленне адбываецца перадусім у прасторы філасофіі), гісторыя ідэяў даследуе не толькі “вышыні” і “дасягненні” думкі, але і звычайныя, штодзённыя структуры мыслення эпохі, тыя ідэі, канцэпты, эмоцыі, якія якраз дзякуючы сваёй ардынарнасці не патрапляюць у поле аналіза і рэфлексіі філасофіі.

    У гэтым сэнсе “паварот” ад гісторыі філасофіі да гісторыі ідэяў тыпалагічна падобны да павароту ад культуралогіі і філасофіі культуры да культурнай антрапалогіі і культурных даследаванняў - павароту, пры якім культура пачынае разумецца як “штодзённае” і звычайнае, тое, што абумоўлівае і апасродкуе ўсе чалавечыя практыкі, а не толькі спецыфічна культурную альбо інтэлектуальную актыўнасць. Гэтаксама і думка, мысленне для гісторыі ідэяў не зводзіцца і не абмяжоўваецца дысцыплінарнымі, прафесійнымі практыкамі, а з’яўляецца антрапалагічнай дадзенасцю чалавека, якая трансфармуецца, змяняецца ў часе і прасторы.

    Гісторыя думкі вымушана становіцца і генеалогіяй, і гісторыяй сучаснасці, і кампаратыўнай філасофіяй, і нават палітыкай памяці.

    Структурна праца школы будзе ўключаць:

    • Спецыялізаваныя заняткі: курсы, семінары, дыскусіі
    • Клубныя сустрэчы
    • Індывідуальную/групавую працу

    Да гэтай структуры будуць далучаныя фарматы, якія існуюць незалежна ад працы школы: агульныя ўніверсітэцкія курсы, семінары і г.д.

    У працы Школы бяруць удзел: Ігар Бабкоў, Сяргей Санько, Міхась Баярын, Іван Новік ды інш.

    У адукацыйны  працэс у школе будуць уключаны заняткі з ўдзелам мысляроў з калегіюма Лятучага ўніверсітэта – Уладзіміра Мацкевіча, Тацяны Вадалажскай, Міхала Анемпадыстава, Генадзя Сагановіча, Валянціна Акудовіча і інш.